І вось прыкладна каля абеду збіраю спінінг і накіроўваюся да возера. З прынадамі я вырашыў не эксперыментаваць, таму прычапіў воблер DUO Tide Minnow, які па маіх падліках з’яўляецца аптымальным для дадзеных умоў. Гэты воблер мае форму Minnow, вага яго дазваляе дакідваць да супрацьлеглага берага і, галоўнае, ён заглыбляецца прыкладна каля паўметра. Возера не вельмі глыбокае і яшчэ трэба ўлічваць, што на дне засталася расліннасць з мінулага года, якая будзе чапляцца за кручкі, калі воблер будзе перавышаць глыбіню крыху большую за паўметра.
Першыя закіды насупраць майго дома не завершыліся поспехамі, таму вырашаю адправіцца ў другі канец возера. І вось там ужо на адным з першых закідаў атрымоўваю першую паклёўку. Спінінг у мяне лёгкага класа да 11-ці грамаў, таму адчуваю даволі моцны супраціў ад рыбы. Але наша барацьба з шчупаком доўга не цягнулася і праз некалькі секундаў ён апынуўся на беразе. На выгляд вага шчупака перавышае кілаграм. Раблю фотаздымак драпежніка і адпускаю назад у возера.
Наступная паклёўка адбылася за мастком. Як і з першым шчупаком, воблер я праводзіў з павольнымі і мяккімі рыўкамі з нядоўгімі паўзамі. Гэты шчупак ужо меншага памеру, прыкладна 600 грамаў. Таксама раблю фотаздымак, лёгка адчапляю яго ад кручкоў, бо ён зачапіўся за самы край сківіцы і адпускаю ў возера.
Трэці шчупак быў яшчэ меншы за першых двух. Яго я нават сфатаграфаваў трымаючы за воблер і адпусціў падрастаць.
Вось такая атрымалася першая рыбалка ў 2015-м годзе. Эмоцый вельмі шмат, хочацца ўжо зноў на рыбалку. Засталося дачакацца першамайскага выхаднога.

Прокомментировать: