Не паспелі азірнуцца, а ўжо і сонейка на зіму павярнула, і палова лета праляцела як адзін дзень. І таму вельмі хочацца ўхапіцца за такія нешматлікія ў нашым краі цёплыя дзянькі і ночы, каб правесці іх за любімай справай.
Менавіта таму літаральна праз колечкі дзён з апошняга выезду мы з сябрам вырашылі паўтарыць начную рыбалку на Вячы.
Лакацыя тая ж: Дафарэнцыя, злева ад пляжа, але гэтым разам трапілі на месца трохі бліжэй да стаянкі. Яно вельмі папулярнае ў выходныя, але ж мы прыехалі ў чацвер, таму канкурэнтаў не было.
Планавалі лавіць ноччу, таму не спяшаліся, чакалі, пакуль супакоіцца пляжная грамада, ды пойдуць адпачываць водныя матацыклісты і іншыя крыніцы празмернага (для нас) гуку.
Сябра лавіў на 2 фідара, я на 1 фідар і на 1 мах, падрыхтаваны мэтанакіравана на ліна. На фідар да ночы браўся паўлешчык рознага памеру, праскочыў адзін "амаль лешч". На мах была цішыня, драбнату адмыслова адсек, бо ставіў буйнога чарвяка, аздобленага 2-3 апарышамі. Таксама падрыхтаваў адпаведную прыкормку для ліна з кукурузай ды кавалкамі чарвякоў.
Закарміў і стаў чакаць начнога госця.
Госць завітаў апоўначы, выдаў прыгожую паклеўку і шыкоўную барацьбу, але быў паспяхова дастаўлены на бераг.
Рыбалку ўжо можна было лічыць выніковай, мэтавая рыба злоўлена. Але гэта быў толькі пачатак. Да світанку было яшчэ дзве ліновыя паклеўкі, аднаго залатога прыгажуна спусціў, другога, трохі меншага, узяў. Пасля світанку таксама двойчы падыходзілі ліны, але маленькія.
А калі мы ўжо пачыналі збірацца дахаты, атрымалі яшчэ дзве ліновыя паклеўкі на фідар. Нечакана, але ад гэтага не менш прыемна, тым больш што памер рыбы быў здавальняючы.
А 9 гадзіне скончылі лавіць, прытаміліся, ды і працоўны дзень ніхто не адмяняў.
Вынікі рыбалкі на фота.
Вялікі дзякуй, Вяча!
1 Фото
Прокомментировать: