Нечакана сення апоўдні ў мяне з'явіўся вольны час.
Вырашыў скарыстацца магчымасцю наведаць які-небудзь вадаём нездалек ад Менска.
Спачатку думаў аб тым, каб паехаць на Усу, але моцныя парывы ветру заклікалі да больш утульнага месца, у якім вецер не перашкодзіў бы атрымліваць асалоду ад рыбалкі.
Таму выбраў Пціч - не вадасховішча, а раку, якая змяей в'ецца сярод дрэваў, дазваляючы рыбаку схавацца ад ветра.
Акрамя таго, да 18 газдзін мне трэба было вярнуцца ў Менск, часу было няшмат, і гэта канчаткова вызначыла выбар месца лоўлі.
Першапачаткова я планаваў лавіць акуня, бо ведаю месца на Пцічы, дзе ён няблага ловіцца на чарвяка.
Але першыя паўгадзіны рыбалкі прынеслі мне толькі страту снасці, якую я безнадзейна зачапіў за паваленае дрэва ў намаганні аблавіць асабліва перспектыўнае месца.
Перавязваючы снасць я вырашыў штосьці мяняць.
Падчас пошукаў акуня заўважыў прывабнае месца з адносна павольнай плынню і глыбінёй каля 1,20 м.
Падумаў, што тут павінна быць белая рыба, і вырашыў засяродзіцца на ёй. Замяшаў каля 1/3 пакета прыкормкі, дадаў мясцовай зямлі і некалькі кропелек платвінай араматыкі, якую якраз сення набыў у краме. Начапіў апарыша, і тут пачалося.
Першая паклеўка адбылася ўжо праз некалькі хвілінаў, але рыба сышла з кручка.
Новы заброс, ізноў паклеўка, ізноў сход.
Трэба адзначыць, што насадку я пускаў такім чынам, што яна плынню валачылася па дну, чапляючыся за прыдоннае смецце - галінкі, лістоту, камяні.
Адпаведна, паплавок рэагаваў на кожны такі дотык насадкі да любой перашкоды на яе шляху, таму мне спатрэбіўся некаторы час, каб зразумець, калі насадка кранае дно, а калі адбываецца паклеўка.
І вось нарэшце назіраю ўпэўненую паклеўку, падсечка, і першая платва на беразе.
Памер рыбы мяне прыемна ўразіў - ладная плотка, амаль з далонь.
Кідаю яе ў садок, закідваю вуду, праводка, паплавок на дно - яшчэ адна плотка, нават буйнейшая.
Новая праводка, палеўкі нама. Падцягваю снасць, каб не зачапіцца за корч, і раптам адчуваю сапраўдны цяжар і барацьбу вялікай рыбы, а я зноў без падсачака.
Нейкім чынам здолеў падняць рыбіну на крутаваты бераг. На мае шчасце, сарвалася яна ужо ў той момант, калі была над зямлей, і я паспеў перахапіць яе і не даць уцячы.
Бяру яе у рукі. Пра такую платву кажуць "батоністая", і трэба адзначыць, што гэта вельмі трапны эпітэт, бо ў руцы яна адчувалася як сапраўдны батон.
Працягваю лавіць, паклеўкі ідуць без перапынку, і амаль ўся рыба ладная, мелкай зусім трошачкі.
Гэтае хараство працягвалася каля гадзіны. Потым клеў пачаў знікаць, і ужо якраз быў час збірацца да хаты.
Падводзячы вынікі гэтай рыбалкі, трэба адзначыць, што я зусім не чакаў такога.
Тым прыемней было мае ўражанне ад часу, праведзенага на рэчцы.
Дома пачысціў рыбу, некаторыя рыбіны былі з ікрой. Імаверна, мне пашчасціла патрапіць у патрэбнае месца ў патрэбны час, калі чарада рыбы ішла на нераст.
А мабыць, ўся справа ў магічнай араматычнай прынадзе, якой я карыстаўся ўпершыню ў жыцці.
Абавязкова наведаю гэтае месца яшчэ раз, каб усе ж такі зразумець, што гэта такое было.


P.S. Найбуйнейшая платва заважыла на 180 грамаў.