Амаль год мінула з маей апошняй справаздачы па Пцічы. На вялікі жаль, мала што змянілася да лепшага ў бязлітасным навакольным свеце за гэты час. Як той казаў, усё стабільна. Але часам у гэтай вусцішнай стабільнасці можна адшукаць і нешта добрае. Напрыклад, кожны раз, калі надыходзіць травень, і пачынае квітнець чаромха, на рэчцы Пціч пад Менскам пачынае браць добрага памеру платва. Згодна з досведам мінулых гадоў бярэ яна на працягу 10-12 травеньскіх дзён, пасля чаго ці то вяртаецца ў вадасховішча, ці то сыходзіць ніжэй па плыні.
Сення я вырашыў прысвяціць вольны час аднаму з вадаёмаў Дзяржынскага раёна. Пасля 4 гадзін безвыніковага чакання карася, вырашыў больш не марнаваць час, а наведаць Пціч. Прыехаў а сёмай гадзіне вечара на тое ж самае месца, дзе лавіў у мінулым годзе. Нарэшце, цёплы травеньскі вечар, амаль без ветру, сонейка пяшчотнае, ​ як пацалунак каханай. Ну хіба ж платва не возьме?
Узяла. Клявала амаль з кожнай праводкі, памер добры, пад 80-100 грамаў рыбкі. Паклеўкі вельмі асцярожныя: трэба было вельмі пільна сачыць за паплаўком каб адзначаць кожнае змяненне ў яго паводзінах і трапна падсякаць. Было некалькі сходаў сапраўды добрай рыбы: не даў рады падняць яе на бераг. Хараство працягвалася з гадзіну, потым з кожнай хвілінай клеў слабеў у адпаведнасці з сыходам сонца і паніжэннем тэмпературы паветра.
Але мне хапіла і гэтага.
Дзякуй Пціч, ты мяне не расчаравала!