"Дзе мой край? - Там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца..."
І хоць я не зусім маю пагадзіцца з Уладзімірам Сямёнавічам наконт колеру Прыпяці, але тое, што гэта месца сілы і сапраўдны скарб Беларусі - бясспрэчна.

Чатыры дні. Чатыры дні ўдалечыні ад штодзённай мітусні, побытавых клопатаў, працы, тэлефонаў, тэлеграма, навінаў і іншае трасцы.

Нейкім чароўным супадзеннем руху Сусвету склалася так, што ў мяне і трох сяброў атрымалася адначасова вырвацца ў адпачынак. Адзін з іх - палешук, жыхар Калінкавічаў і вялікі знаўца Юравіцкай Прыпяці: менавіта ён запрасіў усіх астатніх далучыцца да адкрыцця летняга сезону ў гэтых мясцінах.

Рыхтаваліся грунтоўна. Як з пункту гледжання рыбалоўных справаў, так і іншых, не менш (а то і болей) важлівых фактараў паспяховага адпачынку. Крамы, зборы, праверка турыстычнага рыштунку, ізноў крамы бо "за горадам расход болей", і нарэшце выбраліся.

У панядзелак а 10 гадзіне раніцы былі на месцы. Хвілін 40 ехалі па неверагоднай прыгажосці паплавах, сям-там аздобленых маладымі дубровамі. Дарога падсохла, таму даехалі без прыгодаў. Месца трапілася шыкоўнае: з аднаго боку рака, з іншага старыца, дзе па словах нашага дасведчанага сябра можна добра адлавіцца па паплаўку, што мяне асабіста вельмі парадавала.

Хуценька-хуценька абсталявалі лагер, намёты, вогнішча, па 50 за паспяховы прыезд, і ўжо вабіць, вабіць рака, цягне да сябе магнітам, і няма моцы, каб гэтаму супраціўляцца.

Чатыры дні зліліся у адзін момант бясконцай асалоды, замілавання ад наваколля і свята жыцця, што панавала навокал. Птушыны аркестр даваў няспынны канцэрт: салаўі былі ў першым шэрагу, жабы дадавалі басоў, авяльга меладычна выводзіла сола, а жаўны адбівалі рытм. Дадайце сюды галавакружны пах ландышаў, маладой дубовай лістоты ды вербалозу, і атрымаеце асяроддзе ў якім мы апынуліся.

А вечарамі ізноў хацелася цытаваць класіка: "Над ракою, чырвонай і цьмянай, палёт кажаноў". Я ніколі не бачыў такіх кажаноў, як тут, на Прыпяці. Як той казаў, Бэтман нярвова паліць у куце. Наогул, надвячорак тут - гэта адна з найпрыгажэйшых з'яваў, якія мне даводзілася бачыць, сапраўдны цуд. Уявіце сабе лес на супрацьлеглым беразе, скрозь які прабіваюцца прамяні сыходзячага сонца. Ачмурэннае відовішча: быццам там, за лесам, палае вялікае вогнішча, адкідваючы барвяное адценне на неба.

Што па рыбе.
Мае паплавочныя надзеі з большага спраўдзіліся. Плоткі на старыцы браліся добрыя, хоць і без сапраўдных трафеяў: толькі адна была на вока за 300 грамаў. На рацэ спрабаваў лавіць у праводку, патрымаў на кручку нешта прыемна цяжкае, але не здолеў выцягнуць.

На фідар у сяброў была ладная гусцера ды кляпец.
Чакалі ляшча, але ніводзін так і не завітаў. Траплялася і чахонь добрага памеру, калі чаплялі пенапласт і рабілі даўжэйшы павадок.

Я срабаваў лавіць і на спінінг. На старыцы не здолеў пабачыць дзяўбуна, але на рацэ на адвадны павадок узяў некалькі прыемных акунёў, а падчас шпацыру уздоўж ракі пабачыў як жэрах б'е малька і трапна падаў туды сіліконавага рачка. І рачны карсар яго хапнуў, падараваўшы мне незабыўны момант барацьбы з моцнай рыбай, і паспяхова сышоўшы ля самага берага.

На кружкі сябры добра падлавілі шчупакоў ды акунёў, якіх мы адразу смажылі на патэльні. І гэта было так смачна, што словам не мусіш апісаць: трэба каштаваць самому.

Усё добрае некалі канчаецца, скончылася і наша вандроўка. Не ведаю, ці здолеем калісьці паўтарыць, бо ва ўсіх сем'і, справы, турботы і клопаты. Жыццё з кожным годам усё больш непрадказальнае, і прадбачыць нават будучы месяц-два не падаецца лёгкай справай. Таму будзьма цаніць прыгажосць моманту і ўзгадваць цудоўныя гадзіны яднання з маці-прыродай нашай Бацькаўшчыны.

P.S. Фота рыбы не рабіў, яе шаноўнае спадарства шмат разоў бачыла. Ёсць нешта лепшае.
Нажмите на изображение для увеличения.

Название:	IMG_20260518_205501.jpg
Просмотров:	334
Размер:	164.0 Кб
ID:	4562374 Нажмите на изображение для увеличения.

Название:	IMG_20260518_205455_1.jpg
Просмотров:	191
Размер:	196.6 Кб
ID:	4562375 Нажмите на изображение для увеличения.

Название:	IMG_20260518_185605.jpg
Просмотров:	159
Размер:	222.2 Кб
ID:	4562376 Нажмите на изображение для увеличения.

Название:	IMG_20260519_203617.jpg
Просмотров:	158
Размер:	161.8 Кб
ID:	4562377 Нажмите на изображение для увеличения.

Название:	IMG_20260519_203630.jpg
Просмотров:	159
Размер:	344.8 Кб
ID:	4562379 Нажмите на изображение для увеличения.

Название:	IMG_20260519_111707.jpg
Просмотров:	161
Размер:	676.1 Кб
ID:	4562380