Объявление

Свернуть
Пока нет объявлений.

“Трапны” стрэл

Свернуть
X
 
  • Фильтр
  • Время
  • Показать
Очистить всё
новые сообщения

  • “Трапны” стрэл

    “Трапны” стрэл

    Вялікая частка мужчынскага насельніцтва нашай краіны мае адно з двух, а то і адразу два захапленьня: рыба і паляваньне. Я прыхільнік абодвух – люблю хадзіць і на рыбу, і на паляваньне. Кожны гэты занятак мае сваю асаблівую прыгажосьць і прыдае сваю радасьць жыцьцю.

    Так, сёлета, 8 жніўня, ў большасьці паляўнічых адбылося сьвята – адкрыцьцё летне-восеньскага сезону паляваньня на птушак. Звычайна ў паляўнічыя гаспадаркі, дзе шмат качак, з’яжджаецца і шмат паляўнічых. А для многіх паляўнічых гэтая падзея праходзіць з сьвяточным салатам (і да салата) і салютам, які абвяшчае ўсяму навакольлю: “Качкі, беражыцеся, мы ідзем па вас!”. Таму я па традыцыі на адкрыцьцё сезону ежджу на радзіму, дзе паляўнічая гаспадарка не карыстаецца попытам у аматараў паляваньня на качак.

    Па тэрыторыі гэтай гаспадаркі працякае дзьве невялічкія рачулкі, а таксама маецца трошкі меліярацыйных каналаў і некалькі балацінак, зарослых хмызьняком - вось і ўсё качынае каралеўства. Таму на паляваньне трэба прыйсьці першым, пакуль канкурэнты не распужалі дзічыну.

    Паколькі я наведваюся ў гэтыя мясьціны рэдка, трэба было яшчэ загадзя схадзіць на разведку, але я вечар правёў у размовах з маці.

    Па правілах, знаходзіцца ў паляўнічых угодзьдзях з расчэхленай зброяй дазваляецца не раней, чым за гадзіну да ўзыходу сонца, і строга ў гэты час я быў на месцы.

    У першую чаргу вырашыў праверыць балацінку сярод поля, там часта начуюць качкі, але ў ранішніх прыцемках і тумане не пазнаў мясцовасьці – нешта зьмянілася. Часткі хмызьнякоў няма, там цяпер расьце кукуруза, ды не абы-якая, а вышынёй каля двух метраў.

    Прабіраюся праз кукурузу, нібыта праз лясны маладняк. Нарэсьце кукуруза скончылася, і вось там, у тумане, праглядае балацінка, але шлях да яе пралягае праз зарасьці чарнабыльніка, ніжэйшага за кукурузу, але амаль з мой рост.

    Я парадаваўся за наш родны чарнабыльнік, бо апошнім часам яго моцна пацясьніў інвазіўны залатарнік канадзкі. Але ж як цяпер ціха падкрасьціся да балацінкі, каб мяне не пачулі качкі? Кожны мой крок праразае ранішнюю цішыню хрустам сьцяблін нашага роднага, але такога цяпер недарэчнага, чарнабыльніку, нібыта дзьесьці валяць лес.

    “У мяне ж і мачэтэ ёсьць, і я мог яшчэ ўчора, загадзя сьцежку сабе пракласьці”- з прыкрасьцю падумаў я. Але што ўжо зробіш – застаецца толькі прадзірацца, як мядзьведьзь праз гушчар.

    Рухаюся наперад. Зраблю некалькі крокаў, прыслухаюся, яшчэ зраблю некалькі крокаў, зноў прыслухаюся - ці не чуваць пакракваньне і воплескі вады ў балацінцы? Вох, там нехта ёсьць! І тут я пачаў чуць нейкі дзіўны рытмічны гук. Гэта яшчэ што такое?! Прыслухваюся - а гэта маё сэрца малоціць так, што праз пвх-камбінезон чуваць. Спрабую супакоіцца і патроху крочу наперад.

    Тут я хачу зрабіць невялікае адступленьне і расказаць трошкі пра качак. Размова ідзе пра качку-крыжанку, самую жаданую здабычу паляўнічых на качак, бо яна самая буйная. У нас сфарміравалася дзьве папуляцыі качак – умоўна назавем іх “гарадзкія” і “дзікія”. “Гарадзкія” качкі – гэта птушкі з устойлівай нервовай сістэмай, не пужлівыя. Яны не баяцца людзей, тым больш, што людзям падабаецца гэтых птушак падкармліваць. Да таго ж побач з людзьмі амаль што няма драпежнікаў, таму гэтыя качкі, як шызыя галубы і белыя буслы, сталі птушкамі-сінантропамі, то бок спадарожнікамі людзей.

    Усё інакш у “дзікіх” качак - яны вельмі пужлівыя, таму ня могуць жыць побач з людзьмі, а выбіраюць “дзікія” мясьціны. Там для выжываньня ім патрэбен вельмі востры слых. І таму, калі па качцы стралялі, нават калі не патрапілі ў яе, яна будзе баяцца людзей. Не, качка не баіцца, што яе заб’юць, яна баіцца тых рэзкіх гукаў, якія выдае чалавек сваёй стрэльбай.

    Дык вось, з-за асьцярожнасьці качак, якія жывуць у паляўнічых угодзьдзях, падкрасьціся да іх незаўважна вельмі складана, таму “мядзьведзя”, які прадзіраецца праз зарасьці чарнабыльніку, качкі пачулі раней, чым я іх убачыў, і памахалі мне крыламі на разьвітаньне.

    Ну нічога, суцяшаю я сябе, я ж яшчэ не абыйшоў усе “качыныя” мясьціны, а стрэлаў іншых паляўнічых не чуваць, таму можна разлічваць на посьпех.

    Сыходжу з кукурузнага поля і іду ўздоўж бульбянога. Там наводдальлі некалькі меліярацыйных каналаў, дзе пад берагавой расьліннасьцю могуць хавацца качкі. І сапраўды, у цьмяным сьвятле сьвітанку бачу невялічкія качыныя сілуэты. Гэта не крыжанкі, гэта хтосьці кшталту цыранак, але таксама здабыча.

    Наводжу чырвоную кропку каліматарнага прыцэлу на сілуэт птушкі і націскаю на спускавы крук. Ранішнюю крыштальную цішыню раздзірае - гучыць стрэл і дзьве птушкі злятаюць, і ў тым ліку тая, ў якую я цэліў. Страляю ўздагон – птушкі ляцяць далей, але бачу, што адна качачка не ўзляцела, а плыве да выратавальнай травы. Падкрадваюся да яе і бачу, што птушка плавае дагары нагамі. Разлядзеўшы тушку, бачу, што некалькі шроцін патрапілі ў яе.

    Далей шлях ляжыць да рачулкі, там падабаецца качкам – адносна круты бераг не дае магчымасьці падкрасьціся незаўважным, а зарасьці трысьнягу дазваляюць качкам хутка хавацца пры набліжэньні небясьпекі.

    Крадучыся, рухаюся ўздоўж берага. Заўважаю крыжанку, якая корміцца, але і яна заўважае мяне і павольна заплывае ў трысьнёг. “Вечна ты там сядзець ня будзеш, калі-небудзь вылезеш. Паглядзім, хто каго перасядзіць,” - сам сабе думаю, праходжу метраў дзесяць наперад і саджуся на беразе.

    І тут я раблюся аб’ектам увагі камароў - і яны накідваюцца на мяне. Вядома, камбінезон, куртка і капялюш не па іх “дзюбах”, а вось рукі і твар - без абароныя. На такія выпадкі ў мяне ёсьць пальчаткі і супрацьмаскітная сетка, але сёньня я не збіраўся паляваць з засады, таму з сабою іх не браў.

    Відаць, камары настолькі згаладаліся, што спасу ад іх няма – грызуць, і рукамі моцна не памахаеш, ганяючы гэтых вампіраў – качка заўважыць. Так і сяджу, цярплю ўколы і сьверб.

    Прайшло колькі часу, а вось і качка выплыла і перабірае дзюбай водную расьліннасьць. Наводжу чырвоную кропку прыцэлу на птушку. Стрэл - і мая качка плыве да ратавальных зарасьцяў. “Падранак” – думаю. Устаю і падыходжу бліжэй. Мой “падранак” уздымаецца ў паветра. Я страляю ўздагон, а птушка ляціць як ляцела.

    Іду па дарозе да машыны і дзіўлюся: “Як так? Адлегласьць невялікая, качка амаль што ня рухалася, цэль - нібыта як у пнеўматычым ціры, і міма! Дзіўна!” І тут бачу - на дарозе нешта дзяўбуць два шызых галуба. Драрэчы, шызы голуб – таксама паляўнічая птушка. Наводжу чырвоную кропку на галуба. Бах! Галубы зьлятаюць. Ясна - нешта з прыцэлам.

    Заяжджаю ў лес, вешаю на дрэва пакет з крамы “ОМА” - там ў цэнтры сіні круг з лагатыпам, добрая мішэнь. Кладу на капот аўтамабіля пяцілітровую бутлю з-пад вады, кладу на яе стрэльбу. Цэлюся ў сіні круг. Страляю - і ўвесь зарад кладзецца вышэй сіняга круга. Ну, цяпер усё ясна.

    Я купіў новы прыцэл. Ехаць на стрэльбішча прыстраляць не было часу. Ва ўгодзьдзях не хацелася псаваць ранішнюю ідылію шумам прыстрэлкі, проста наладзіў прыцэл па лазернаму ўказальніку і паспадзяваўся, што будзе дастаткова.

    А як жа з такім парыцэлам я пацэліў у качку-цыранку? А вельмі проста – зарад пайшоў вышэй качкі, у якую я цэліў і патрапіў у птушку, якая была далей.

    Відаць, Вялес, славянскі бог паляваньня, пашкадаваў недарэку-паляўнічага, не захацеў, каб той сапсаваў сабе сьвята адкрыцця паляўнічага сезону.

Просматривают:

Свернуть

Обработка...
X