У перапынку паміж этапамі чэмпіянату і трэнаваннямі да яго, я прыняў удзел у "Кубку Мінска". За дзень мы даведаліся, што месца правядзення змянілася на Малыя Раўбічы і я чакаў на лёгкую і выніковую рыбалку. Раніцай прыехалі на вадаём, зарэгістраваліся і хуценька замяшалі па паўпачка Sensas Gros Gardons, дадаўшы ў яго матыля, ды пабеглі да зоны. Гледзячы на натоўп удзельнікаў, якія сабраліся штурмаваць блізкую стужку па сярэдзіне возера, мы з Вадзімам Якубовічам і яшчэ некалькімі ўдзельнікамі вырашылі ўскладніць лоўлю - пасунуліся ў іншы край зоны, дзе ніхто ніколі не лавіў і, нават, глыбінь не ведаў) План быў такі: знайсці сваю рыбу, раскарміць пару лунак і спакойна сабе цягаць мерную плотку без канкурэнцыі. Са старту раблю адну базу ўздоўж стужкі, пару лунак побач і яшчэ ў другім вуглу парачку каля берага. Шчодра кармлю ўсе лункі і пачынаю лавіць. Пазней высвятляецца, што наша тактыка няўдалая, бо за гадзіну ніводны з нас, хто забіўся ў край зоны, не ўбачыў паклёўкі. Трэба рухацца далей і, тут мы бачым, што Юра Сідаровіч жвава махае рукамі. Бягу да яго і раблю 2 лункі на дазволенай дістанцыі. Апусціў пад лёд адну кармушку з сыпухай і ліманам ды адчыніў яе ў метры ад дна. На 3-й праводцы злавіў акунька. Так і пачаў калупаць розную калючку, але праз некалькі рыб на дакорм ліманнікам падышла і плотка. Гадзінку пасядзеў тут, потым бачу, што Вадзім добра ловіць на сярэдзіне зоны і я пабёг яго прэсаваць
Паставіў сцяжок у яго за спінай. Пайшоў зрабіў яшчэ пару лунак па рэчышчы наперадзе і карміў іх ужо чыстым ліманнікам, бо Вадзім падзяліўся інфармацыяй, што на яго рыба становіцца лепш. Падлавіў дзясятак рыб, але адчуваў, што гэта не рыбалка і ўсё ж трэба ісці ў натоўп. На апошняй гадзіне я падсаджваюся бліжэй да стужкі, знаходжу месца для адной лункі і кармлю яе. Паклёўкі пайшлі адразу ж і вось, я як і ўсе, у нармальным тэмпе цягаю плотку:) Калі здарыўся правал у клёве, я знайшоў кормленую лунку з левага боку і палавіў у ёй. Там таксама стаяла рыба! Так я і прабегаў паміж дзвюма лункамі да свістка, але зачапіцца за першую дзясятку ў турнірнай табліцы не здолеў. З вагой 1095г я заняў 11-ты радок:) Вось чаго каштаваў няправільны выбар тактыкі на старце. Паспрабуем узяць рэванш на Мінскім Моры 13-га сакавіка


Прокомментировать: