Ну і пра рыбалку. Па святле клявала блага. І не сказаць, што вецер неяк ужо надта шкодзіў, яго на вадзе, лічы, што і не было. Але пару разоў клюне — і цішыня. Можа, і прыкормка не надта добрая для плоткі была — збіраліся ўдваіх да гадзін адзінаццаці лавіць, таму прыкормку на карася рабіў, інертную. А карась — рыба таксама інертная, за тыя пару гадзін, што разам з сынам былі, толькі адна ягоная паклёўка і была, і тое кручок абарваўся. І не з-за моцы карася, а з-за таго, што павадкі трэба перавязваць пасля некалькіх рыбалак.
А як сын сышоў, дык я адразу на карася і пераключыўся. Паставіў начныя паплаўкі і амаль адразу карась — ладны, мо з палову кілаграма! За ім адразу далоннік. Плотак пару на цеста — можа, і прыкормка пачала рабіць сваю справу. Карась, канечне, як з кулямёта кляваць так і не пачаў, але ж памер... Чатыры штукі ну за паўкіло, не менш! Яшчэ і далоннікі былі, якія ў садок не трапілі. Ну і новы від рыбы на гэтым вадаёме для мяне — ратан, таксама з «панаехаўшых».
Ды для мяне і ноч плоткай выдатна адзначылася — ніколі ж яе па начы ў колькасці не лавіў, а тут аж штук пяць. Адна і ў садку апынулася — толькі дома, калі фоткі разглядаў, заўважыў: таксама не благая, не менш як на грамаў сто, па начы за карася палічыў. Яшчэ штук пяць невялічкіх было, усе на цеста. А карасі — на матыля. У гэтую ноч на чарвяка толькі ратан узяў, і то за бачыну. А на пачатку трэцяй і дадому стаў збірацца. Дозу эндарфіну з адрэналінам атрымаў. На мах такіх лапцяў цягаць — ну надта прыемна...
7 Фото